Стваральны патэнцыял слова

№ 6 (1289) 11.02.2017 - 17.02.2017 г

Заўтра афіцыйна зачыняецца XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У ёй прымала ўдзел 31 краіна, у тым ліку ўпершыню — Грэцыя. Чырвонай ніткай праходзіла галоўная тэма бягучага года — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, а таксама лейтматывам гучала 135-годдзе класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, юбілейныя даты іншых айчынных пісьменнікаў.

/i/content/pi/cult/624/13873/3-1.jpgУдзельнікам XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”

Дарагія сябры!

Вітаю ўдзельнікаў і гасцей XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”.

Літаратура адыгрывае выключную ролю ў вырашэнні агульнанацыянальных задач, захаванні духоўнай спадчыны, актывізацыі дыялогу культур. Ваш маштабны форум служыць аўтарытэтнай пляцоўкай для абмену ідэямі, прымае шматлікіх гасцей з блізкага і далёкага замежжа.

Глыбока сімвалічна, што дзякуючы выставе тэма 500-годдзя ўсходнеславянскага кнігадрукавання набудзе шырокае міжнароднае гучанне. Менавіта наш земляк Францыск Скарына пяць стагоддзяў таму выдаў “Псалтыр” на старабеларускай мове, распачаўшы гісторыю айчыннай кнігі.

Упэўнены, гэта мерапрыемства паслужыць развіццю друкаванага слова і ўзбагачэнню нашай нацыянальнай літаратурнай традыцыі.

Жадаю ўсім паспяховай працы, натхнення і плённага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

Аляксандр ЛУКАШЭНКА

8 лютага 2017 года

 

Як зазначыла падчас урачыстага адкрыцця форуму міністр інфармацыі Лілія Ананіч: “Кніга не толькі з’яўляецца крыніцай ведаў, яна яшчэ нясе ў сабе моцны гуманітарны пачатак супрацоўніцтва. Самае галоўнае тое, што гэта выстава стварае дабро, мір, умацоўвае супрацоўніцтва паміж краінамі”. Арганізатары чакалі ад сёлетняй падзеі зацікаўленай размовы пра пераемнасць у літаратуры, пра стваральны патэнцыял слова пісьменніка і кнігі як носьбіта гэтага слова.

У якасці ганаровага госця гэтым разам выступала Вялікабрытанія. На яе стэндзе кожны ахвотны мог пачуць разгорнутыя адказы на тэмы нетрывіяльнага вывучэння англійскай мовы і адукацыйных магчымасцяў на радзіме Шэкспіра, а таксама даведацца пра складанасці і магчымасці выдавецкага бізнесу Аб’яднанага Каралеўства, прынамсі, аб нюансах аўтарскага права і ліцэнзавання. Непасрэдна на стэндзе Пасольства праводзілі гульні для дзяцей, віктарыны для ахвотных ведаць замежную мову, кніжныя прэзентацыі. Скажам, я патрапіла на выступленне пісьменніка Роберта Пэйтмана, які распавядаў школьнікам гісторыі пра караля Артура і паралельна ілюстраваў свой аповед на вялікім ватмане. Мяркуючы па інфармацыйным стэндзе англічан, іх мерапрыемствы выходзілі за межы павільёна, прапануючы лекцыі па літаратуры, майстар-класы, “круглыя сталы” і прэзентацыі для студэнтаў сталічных ВНУ, вкладчыкаў і выдаўцоў на іншых сталічных пляцоўках.

На дзіва, на сёлетнім форуме было надзвычай багата дзіцячай літаратуры. Кідалася ў вочы, што і нашы, і замежныя дэлегацыі як адзін зрабілі стаўку на юнае пакаленне. Магчыма справа ў фінансавых акалічнасцях, калі кніга з добрай паліграфіяй усё часцей становіцца сапраўднай раскошай, аднак дарослыя, пашкадаваўшы для сабе, пакуль яшчэ не гатовы эканоміць на дзіцячай радасці.

На выставе-кірмашы традыцыйна шырока былі прадстаўлены расійскія выдавецтвы. Цікава, што выдавецтва, якое валодае правам на друкаванне твораў першага нобелеўскага лаўрэата ад Беларусі, размясціла на сваім стэндзе вялікі банер з выявай Святланы Аляксіевіч і актыўна прасоўвала яе кнігі. Побач з “Галасамі Утопіі” шыкоўна прэзентаваліся аповесці Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак — вядомага за межамі краіны беларускага пісьменніцкага дуэта. На стэндах айчынных выдавецтваў тыя ж кнігі сваіх аўтараў былі прадстаўлены куды больш сціпла...

Беларусам было чым пахваліцца перад замежнымі гасцямі. Па звестках Міністэрства інфармацыі нашай краіны, за мінулы год у рэспубліцы было выдана каля 9,6 тысяч найменняў кніг агульным накладам больш за 23 мільёны экзэмпляраў. З іх больш за 1,1 тысячы назваў агульнай колькасцю ў 3,7 мільёнаў экзэмпляраў — на беларускай мове. Мінская міжнародная выстава-кірмаш, акрамя акіяна вядомых кніг і топавых назваў, якія заклікаюць з вітрын кніжніц і інтэрнэт-банераў, дае сапраўдную магчымасць пабачыць безліч літаратуры на роднай мове і пераканацца, што выданні айчынных выдавецтваў, асабліва ў дачыненні да дзіцячай індустрыі, сапраўды на адным узроўні з вядучымі замежнымі тытанамі. Тое, што мне звычайна даводзілася шукаць па кроплях, тут знаходзілася ў свабодным доступе і нават з варыянтам у кошце. Напрыклад, беларускамоўны пераклад казкі шведскай пісьменніцы Эвы Суса пра прыгоды Снежнага чалавека ў Мінску прапаноўвалі ў розных павільёнах з разбегам ад 9 да 15 рублёў. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у адрозненне ад большасці ўдзельнікаў, цэны на выстаўленых асобніках не пазначала, аднак прапаноўвала бонусам аўтограф-сесію ад сваіх вядучых аўтараў, калі ж пісьменніка на пляцоўцы ў гэты час не было, то супрацоўнікі хутка даводзілі інфармацыю, у які дзень можна пад’ехаць за аўтарскім подпісам.

Мяне прыемна ўразіла, што гэтым годам да ўдзелу ў міжнародным форуме арганізатары запрасілі сацыяльны праект. Адразу на ўваходзе наведвальнікаў сустракаў стэнд ТАА “Белгіпс-эка”, які распавядаў пра некамерцыйны праект “Кнізе — другое жыццё!” (пра яго “К” нядаўна пісала). Як паведаміў прадстаўнік кампаніі, за 2 гады існавання праекта з зялёных кантэйнераў сталіцы было сабрана каля 28 тысяч кніг, якія пасля сартыроўкі былі перададзены ў інтэрнаты, дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі, дамы састарэлых, бальніцы, турмы і іншыя ўстановы, якія не маюць лішніх грошай на папаўненне бібліятэк. А яшчэ мінчане вязуць экзэмпляры адразу ў офіс кампаніі: толькі за 19 першых дзён студзеня з прыватных бібліятэк да валанцёраў патрапіла 510 асобнікаў. Як бачым, такія праекты дапамагаюць не толькі выправіць экалагічную сітуацыю, але і стаць больш уважлівымі да тых, хто побач.

Таксама ў гэтыя кніжныя дні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыўся III Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання як частка сусветнай кніжнай гісторыі”.

Узначалілі пасяджэнне міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі краіны Раман Матульскі. У сімпозіуме прынялі ўдзел літаратары і выдаўцы з 19 краін свету, сярод якіх знакаміты італьянскі сцэнарыст і майстар трылеру Карла Лукарэлі, папулярны дзіцячы пісьменнік Ціма Парвэла, ганаровы прэзідэнт “Клуба пісьменнікаў Каўказа” Саліх Гартуеў, кітайскі пісьменнік Шы Іфэн, пакістанскі літаратуразнаўца, даследчык Мухамад Касім Буг’ю ды іншыя.

На сімпозіуме Лілія Ананіч выказалася пра тое, што ўклад Францыска Скарыны ў развіццё кнігадрукавання не толькі здабытак краіны, але і ўсяго сусвету. Першадрукар, асоба планетарнага маштабу, з’яўляецца духоўнай апорай беларусаў, тымі каранямі, што сілкуюць дзяржаўнасць.

Асноўную думку, якая стала лейтматывам сімпозіума, агучыў Мікалай Чаргінец: “Літаратура — стрыжань паміж людзьмі і краінамі. І сёння, калі свет жыве ў нялёгкі час, пісьменнікі павінны аб’яднацца”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст