Першы крок да Музея мадон

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Аляксей Кузьміч-малодшы, куратар
Мастацкая галерэя Аляксея Кузьміча на ягонай радзіме ў вёсцы Махро на Іванаўшчыне існуе паўтара гады. І мінуў год, як установа набыла дзяржаўны статус, стала філіялам музейнага комплексу Напалеона Орды, які знаходзіцца там жа, у Іванаўскім раёне.

/i/content/pi/cult/565/12391/5-2.jpgІнфармацыя пра галерэю ёсць на сайце Іванаўскага райвыканкама. Яна ўключана ў турыстычны маршрут па раёне. Для Іванаўшчыны галерэя, калі меркаваць па колькасці наведвальнікаў, з’яўляецца адным з папулярных культурных аб’ектаў. Але за межамі раёна пра яе, на жаль, мала хто ведае. Яно і не дзіва, калі браць да ўвагі, што ад Махро да Мінска — чатырыста кіламетраў. Мясцовае кіраўніцтва магло б заключаць дамовы з турыстычнымі агенцтвамі, каб з той жа сталіцы турыстаў сюды вазіць, але не рупіцца. Таму дзейнасць мемарыяльнай галерэі Кузьміча абмяжоўваецца раёнам. Хіба здараюцца адзінкавыя экскурсіі са сталіцы ці з мясцін Брэсцкай вобласці. Альбо наведваюцца сюды расіяне з санаторыяў, што непадалёк.

Карацей, лагістыка не наладжана, ды ў галерэі не стае супрацоўнікаў, якія маглі б гэтым займацца. Яны паспяваюць абслугоўваць толькі тых, хто сам прыязджае. Для гасцей ладзяць саракахвілінныя экскурсіі, а потым — прагляд фільма пра мастака з цыкла “Свет далёкай зоркі”, нядаўна знятага для канала “Беларусь 3” Аляксандрам Дамарацкім.

Пакуль Галерэя Аляксея Кузьміча, якую людзі называюць Галерэяй мадон, бо менавіта тэма маці з дзіцем дамінуе ў экспазіцыі, працуе як мемарыяльны музей мастака, хоць мае патэнцыял для больш шырокай дзейнасці. Галерэі, як я ўжо казаў, не хапае штату, да таго ж — няма абсталяванай прасторы, дзе можна было б ладзіць зменныя выставы, каб мясцовыя людзі мелі ўяўленне пра ўвесь абшар беларускага, а мо і не толькі, мастацтва. Ёсць, аднак, спадзяванні, што галерэя атрымае сродкі еўрапейскага гранту на развіццё рэгіёну, недзе 20 тысяч еўра. На гэтыя грошы можна будзе абсталяваць залу для згаданых зменных экспазіцый. Як куратар я быў бы гэтым вельмі задаволены. Галерэя больш эфектыўна працавала б на культуру, ды і мае ініцыятывы, з якімі час ад часу выходжу на мясцовае кіраўніцтва, мелі б больш шансаў здзейсніцца.

Я спадзяюся на тое, што Музей мадон калі-небудзь з’явіцца ў сталіцы. Гэта ідэя, што называецца, лунае ў паветры. Яе ўхваляе шэраг грамадскіх арганізацый. Пра такі музей марыў мой бацька, і галерэю ў роднай вёсцы ён разглядаў як першы крок да яго стварэння. Мяркую, у гэтым музеі магла б быць зала, дзе экспанаваліся карціны бацькі ў кантэксце экспазіцыі, якая адлюстроўвала б тэму мацярынства ў творчасці мастакоў Беларусі і замежжа. Дарэчы, калі гэта адбудзецца, дык і галерэя ў вёсцы Махро набудзе большую папулярнасць, стане больш цікавай і для мясцовых людзей, і для турыстаў. Таму што моду задае ўсё ж такі сталіца, і Беларусь у дадзеным выпадку — не выключэнне. Урэшце, Музей мадон у сталіцы і Галерэя на Іванаўшчыне рабілі б адну справу прапаганды высокай духоўнасці, але — на розных узроўнях.

Хай бы махроўская галерэя заставалася сутнасна такой, як ёсць зараз, толькі пашыраная — з залай для зменных экспазіцый. Але каб галерэя не проста існавала, а жыла, на яе базе мусяць рэалізоўвацца крэатыўныя праекты. Гэта могуць быць пленэры, фестывалі і сталых мастакаў, і навучэнцаў дзіцячых мастацкіх студый.

У творчасці майго бацькі шмат прыхільнікаў. Але меў ён і нядобразычліўцаў, якія сваё адмоўнае стаўленне да асобы пераносяць на ўсё, што Аляксей Кузьміч зрабіў, на ягоную творчасць. Шмат ад каго я чуў, што каб не бацькаў характар, праз які ён у жыцці меў нямала праблем, дык ягоная творчая кар’ера склалася б інакш — быў бы ён уганараваны і высокімі званнямі, і прэстыжнымі прэміямі. Думаю, што рысу пад спрэчкамі пра ягоную творчасць падводзіць галерэя ў Махро.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"