Іспыт на стабільнасць здабыткаў?

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

У Брэсце завяршыўся ХХ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Якім жа стаўся юбілейны форум па сваім узроўні? Ці здарыліся на ім сапраўдныя адкрыцці?

/i/content/pi/cult/553/12070/8-1.jpgПозірк з вяршыні Камянецкай вежы

За гады існавання фестываль сабраў 55 тэатраў з розных краін свету. Але ягонай галоўнай заслугай трэба лічыць тое, што ён першым у Беларусі стварыў прэцэдэнт правядзення ўласнага міжнароднага тэатральнага форуму такога шырокага маштабу, з запрашэннем не аматарскіх, а прафесійных калектываў з усёй постсавецкай прасторы і іншых краін. “Славянскія тэатральныя сустрэчы” ў Гомелі, якія стартавалі ў 1989-м, застаюцца больш лакальнымі, не штогадовымі. Яшчэ больш сціплы музычна-тэатральны фэст, які праходзіў у сталіцы ў сярэдзіне 90-х і ўключаў касцюміраваныя шэсці, канцэртныя праграмы драматычных артыстаў, завяршыў існаванне, калі заўчасна загінуў ягоны ініцыятар і галоўны арганізатар — кампазітар Уладзімір Солтан (дарэчы, родам з Брэстчыны). З’яўленне ж “Белай вежы” прывяло да своеасаблівага спаборніцтва падобных буйных штогадовых імпрэз: тэатральна-фестывальная геаграфія ахапіла Магілёў, вядомы ў свеце праз “М.@rt.кантакт”, і, нарэшце, сталіцу, дзе спачатку ўзнікла “Панарама”, пазней “ператварыўшыся” ў яшчэ больш магутны “ТэАРТ”. Нават тое, што пачынаецца літаральна праз некалькі дзён пасля “Белай вежы” (сёлетні будзе з 29 верасня ажно па 23 кастрычніка), успрымаецца як перадача эстафеты. А ўлічваючы, што ён праз чатыры дні пасля яго ў Бабруйску пройдзе яшчэ і V Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (27 — 30 кастрычніка), брэсцкі форум уяўляецца своеасаблівай спружынай усяго цяперашняга тэатральнага сезона.

Заяўкі на юбілейную “… Вежу” даслалі больш за сотню тэатраў. Але арганізатары запрасілі 12 уладальнікаў Гран-пры мінулых гадоў, дадаўшы да іх некаторыя новыя калектывы і выключыўшы конкурс паміж удзельнікамі, але пакінуўшы штодзённыя абмеркаванні ўбачанага запрошанымі для гэтага крытыкамі з пяці краін. За дзевяць дзён на шасці пляцоўках былі паказаны 22 спектаклі з 13-ці краін, якія наведалі 7,5 тысяч гледачоў. Праграма, як бачна з афіш, планавалася яшчэ больш шырокай, але напярэдадні ўмяшаўся фінансавы крызіс з рэзкім скокам валютных курсаў, з-за чаго некаторыя калектывы не даехалі, вымусіўшы арганізатараў адмяніць два бясплатныя вулічныя спектаклі і шукаць замену яшчэ двум стацыянарным, квіткі на якія былі распрададзены.

Нягледзячы на шчыльны фестывальны графік, гасцей звазілі на экскурсію ў Камянец — туды, дзе гэты фестываль калісьці пачынаўся, узяўшы сабе назву тамтэйшага архітэктурнага помніка ХІІІ стагоддзя. Дый пад час абмеркаванняў неаднойчы гучалі прапановы вярнуць былую традыцыю, праводзячы ўрачыстае адкрыццё ля сцен Белай вежы. Тое ж чулі мы і ў самім Камянцы, жыхары якога і дагэтуль згадваюць тыя спектаклі як грандыёзную падзею іх жыцця.

Сярод падзей цяперашняга фестывалю таксама было багата такіх, якія з гадамі могуць стаць легендарнымі. Гэта і прэм’ера гаспадароў — “Дзяды” Брэцскага акадэмічнага тэатра драмы, пастаўленыя як сумесны беларуска-польскі праект, і адкрыццё, да прыкладу, тэатральнага мастацтва Туніса, бо раней артысты з Афрыкі на гэты фэст не завітвалі, і папраўдзе адметная беларуская праграма, і ўласна мастацкія адкрыцці, і такая “фішка” пры складанні праграмы, як відавочныя, хаця і не афішаваныя тэматычныя блокі. Ды ўсё ж цудоўная ідэя своеасаблівага “збірання камянёў” — гэткага хіт-парада ранейшых пераможцаў — абярнулася сапраўдным іспытам для запрошаных калектываў, вымусіўшы іх дэманстраваць не былыя, а цяперашнія здабыткі і гатоўнасць да новых перамог. Іншымі словамі,

гатоўнасць без нумару.

Справіліся з гэтым не ўсе. У выніку праграма пераможцаў, якая, па задуме арганізатараў, магла б прэтэндаваць на “суквецце шэдэўраў”, аказалася самай, бадай, рознаўзроўневай. І пацвердзіла простую ісціну, актуальную для любога творцы: усе заслугі — гэта тое, што было ўчора, а кожны новы выхад да публікі — гэта іх чарговы доказ ці абвяржэнне. І так — цягам усяго жыцця: назаўтра — пачынай усё спачатку. У тэатры гэтыя формулы маюць і дадатковае начынне: новы спектакль можа быць пастаўлены іншым рэжысёрам, што адразу зменіць уяўленне пра творчы калектыў. А дакладны перанос пастаноўкі дзесяцігадовай даўніны на іншую трупу можа выклікаць цалкам супрацьлеглы вынік.

Але сярод замежных гасцей былі і тыя, хто пазбягае такіх хістанняў і стабільна трымае высокі ўзровень. Найперш, гэта тэатры Прыбалтыкі: Дзяржаўны маладзёжны тэатр Літвы, які на гэты раз паказаў “Вішнёвы сад” у пастаноўцы Альгірдаса Латэнаса, і Рыжскі рускі тэатр імя М.Чэхава з “Фро” паводле А.Платонава ў версіі Руслана Кудашова. Абодва спектаклі выклікалі самыя захопленыя водгукі крытыкаў, а другі ўвогуле быў намінаваны імі на ўмоўнае Гран-пры.

Нягледзячы на абсалютна розныя “почыркі” гэтых спектакляў і нават іх эстэтычныя платформы, формула поспеху ў абодвух выпадках была аднолькавай: прафесіянальны падыход да ўсіх складнікаў пастаноўкі, наяўнасць строга вытрыманай канцэпцыі, якая падпарадкоўвае ўсю размаітасць выкарыстаных выразных сродкаў. У “Вішнёвым садзе” ўразіла тонкае псіхалагічнае прачытанне і пераасэнсаванне вобразаў. Адной з самых трагічных фігур стаў Лапахін, у пэўнай мізансцэне нагадваючы распятага Хрыста. Вара, наадварот, дэманстравала дыктатарскія схільнасці. А Ранеўская, томна фланіруючы ў японскім кімано (у тым ліку, на хадулях), раптам ператваралася ў дрыготкага шэрага верабейку. Кульмінацыяй “Фро”, пабудаванай на сумесі іранічных зваротаў да мастацтва плакату і няўлоўных трагічных нотак, сталася грандыёзная сцэна любоўнага напалу, вырашаная праз рух вялізных колаў-шасцяронак магутнага механізму і ачышчальныя струмені ліўневага патоку. Дадамо, што 8 — 9 кастрычніка Брэсцкі тэатр лялек пакажа аднайменную прэм’еру ўсё таго ж пастаноўшчыка, але… прынцыпова іншую па самой рэжысёрскай канцэпцыі.

Заўсёднае імкненне фестывалю прадэманстраваць па магчымасці ўсе тэатральныя жанры, кірункі, праявы было рэалізавана і на гэты раз, ахапіўшы прастору

ад плошчы да пакойчыка.

Як заўсёды, цікавымі былі і вулічная праграма, і суцэльны блок монаспектакляў (пры адсутнасці “шматнаселеных” камерных). На плошчы Леніна ішла і клаўнада з інтэрактывам (“Сатырыяда” Тэатра на чамаданах з Вроцлава), і філасофска-пранізлівы аповед пра войны, які вымушаў гледачоў зведаць хаця б частку таго, што адчуваюць бежанцы, палонныя ды іншыя пацярпелыя, бо ў такіх катаклізмах не бывае абсалютных пераможцаў (“Развітальная песня” тэатра “Бюро падружы” з Познані).

Сярод монаспектакляў на Гран-пры мог прэтэндаваць “Кыся” (“Свой тэатр” Усевалада Чубенкі з Волагды). Вось дзе сапраўды было — усё, як упершыню, хаця гэты найталенавіты артыст з аднолькавым поспехам “пракатвае” свае “каціныя” маналогі ўжо некалькі гадоў, у тым ліку па самых прэстыжных фестывалях. Дый у Брэсце ён меў два аншлагавыя паказы за адзін вечар, з невялічкай “паўзай” паміж імі, прычым кожны — амаль па дзве гадзіны без антракту. І ўсё — на вышэйшым пілатажы. Чым не супер-майстар-клас?

“Д-Сізіф” тэатра “Новы погляд” з Туніса адкрыў нам сапраўдны дыялог еўрапейскай і афрыканскай культур, а ў асобе Меера Авахры — гэткага афрыканскага Яўгена Грышкаўца з яго філасофскімі развагамі пра таямніцы светабудовы, вечны “паядынак” чалавека і ягонай ношы, дзе вялізная дошка ўвасабляла і цяжкую працу, і сам лёс.

Астатнім монаспектаклям, пры ўсёй акцёрскай фенаменальнасці і аддачы, бракавала добрага рэжысёра, які мог бы ці пераадолець хібы літаратурнага матэрыялу (тэатральны праект Р.Акапяна ”Размова ўначы” паводле п’есы Р.Мкртчана), ці, наадварот, падкрэсліць яго вартасці (“Нататкі вар’ята” паводле М.Гогаля, прывезеныя з Балгарыі). Апошні спектакль вымусіў узгадаць не толькі аднайменную пастаноўку віцебскага тэатра “Лялька”, але і колішнюю оперу Вячаслава Кузняцова — і нанова ацаніць адбудаванасць яе драматургіі як у партытуры, так і ў сцэнічнай версіі Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай.

Тое, што замежныя калектывы пазіцыянавалі як творчыя эксперыменты, насамрэч можна было падзяліць на ўласна

эксперымент і… экс-перыметр,

што можна “перакласці” як хаджэнне па замкнёнай лініі. Удалы прыклад — “О, мой вар’яцкі пан!” тэатра “Руская сцэна” з Берліна. Шэкспіраўскі “Кароль Лір”, разыграны акцёрскім дуэтам, скарыў стыльнасцю, трапнасцю, шматасацыятыўнасцю пры ўсім мінімалізме (а часткова і супрэматызме) пастаноўкі. Няўдалыя прыклады — “Адам і Ева” Рэспубліканскага тэатра “Лучафэрул” з Кішынёва, спектакль-канцэрт яўрэйскай музыкі “Тая самая мелодыя” тэатра “Гошэн” з Ізраіля. Зварот да рамана румынскага пісьменніка Лівіу Рэмбану, пераклад на пластычную мову тэмы вечнага “касмічнага” блукання па краінах і эпохах у пошуках кахання, абраная тэхніка рапіду — адкрыццём магло быць усё. Ды, на жаль, не стала, як і згаданыя “вандроўкі” яўрэйскай культуры па свеце.

На прыкладзе музычна-харэаграфічнага спектакля “Вецер” кінакампаніі “Саюз Марынс Груп” і тэатра “Цэнтр драматургіі і рэжысуры” з Масквы можна было павучыцца таму, як трэба “прасоўваць” свой прадукт. Крытыкаў пасля паказу “адлоўлівалі” для бліц-інтэрв’ю, заўтрашняе абмеркаванне таксама запісвалася на відэа, дый у Мінску мяне “даганялі” тэлефонныя і паштовыя напаміны: не забудзьцеся даслаць рэцэнзію. Ідэяй спектакля было паказаць праз сінтэз музыкі і пластыкі, што свой “голас” мае кожны прадмет, а не толькі агульнапрынятыя музычныя інструменты. Калі не ведаць, як у гэтым кірунку працуюць іншыя, дык і сапраўды можна крычаць “брава!”. Але… куды больш цікавымі (праўда, без такога піяру) уяўляюцца падобныя спробы беларускага прыгатавання (і куды больш высокага гатунку): розныя па жанрах і нават відах мастацтва гурты “Сярэбранае вяселле” Святланы Бень, “ТАД” Дзмітрыя Куракулава, “Вурай” Сяргея Доўгушава, шматлікія “хуліганствы” салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча ды іншых музыкантаў-народнікаў. А ў сусветным маштабе — недасягальнага ўзроўню брытанскі калектыў “Stomp live”, які свае шматслойныя псіхалагічна-філасофскія аповеды называе проста “шоу”…

Фота прадастаўлены Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы

Матэрыял пра беларускую праграму і брэсцкую прэм’еру “Дзядоў” — у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"