ТЭАрэтычная “Грэмі”

№ 6 (1184) 07.02.2015 - 13.02.2015 г

“Лепшы выканаўца года” — Тэа, “Лепшая песня года” — “Cheescake” ў выкананні таго самага хлопца, які не хоча быць чыімсьці “боем”. Новы фармат Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” ў мінулую суботу назваў сваіх герояў.

/i/content/pi/cult/520/11196/DSC_0496_resize.JPG

Тэа і яго ўзнагарода.

Здавалася б, новая версія Нацыянальнай музычнай, патранаж над якой летась узяў канал “АНТ”, прапануе іншы фармат знаёмства з героямі ды маладымі артыстамі нашай эстрады. На працягу некалькіх месяцаў тэлегледачы маглі выбіраць лепшых выканаўцаў на адмысловых канцэртах, зладжаных тэлеканалам, галасуючы праз Інтэрнэт і SMS-паведамленні. Выбар публікі карэляваўся прадстаўнічым журы ў вялікім складзе. Тым не менш, на выхадзе маем “всё те же лица”. Што ж змянілася? Змянілася тэлекарцінка, якая адсылае да вядомых замежных прэмій — “Грэмі”, “Оскара”.

Умоўную рэпетыцыю падобных тэлешоу і давялося ўбачыць у мінулую суботу ў Палацы Рэспублікі. Прыгожыя строі, стыльныя касцюмы, вялікая сцэна, значная ўвага да візуальнага афармлення нумароў, праца з святлом — не адзначыць высілкі арганізатараў немагчыма. Як і жадання беларускіх артыстаў займець тую самую “Грэмі” ды атрымаць праз яе прызнанне.

Тры змены вядучых, а таксама ратацыя ганаровых артыстаў, запрошаных аб’явіць пераможцаў, — усё “як мае быць” і, у прынцыпе, амаль працуе. Гучаць назвы намінацый: “Лепшы аўтар музыкі”, “Лепшы аўтар слоў”, “Лепшы аранжыроўшчык”, “Лепшы прадзюсар года”, “Стыль года”, “Лепшы арганізатар канцэртаў”, “Лепшы музычны тэлевізійны праект”, “Мецэнат культуры”, “За папулярызацыю беларускай музыкі за мяжой”… Пераможцы выходзяць на сцэну і шчыра прамаўляюць словы падзякі за прызнанне. Выхад артыстаў у студыю/за кулісы, як гэта прынята ў сучасных серыяліці, тэлешоу, дадатковае інтэрв’ю з новымі вядучымі. Нават маленькімі — як гэта было ў варыянце “Ліры”: дзве сімпатычныя дзяўчынкі распытвалі выканаўцу. І зноў вяртанне на сцэну, дзе новая пара стыльных presenter’аў прадставіць новых пачэсных артыстаў, якія распячатаюць канверт і назавуць імя лепшага. Ды нават адзначаць “За ўклад у развіццё эстраднай папулярнай музыкі” ці “За лепшую песню на беларускай мове”.

Што, па сутнасці, зрабіў тэлеканал “АНТ”? Ён прадаставіў магчымасць беларускім артыстам “пагуляць” у тыя самыя гульні, у якія гуляе замежны шоу- і кінабізнес.

І гэта, несумненна, правільна, бо Нацыянальныя прэміі, напэўна, і павінны ладзіцца менавіта так: з пафасам ды помпай, пад сафітамі і тэлевізійнымі камерамі. І айчынныя артысты павінны адчуць сябе зоркамі — прыгожымі і паспяховымі, прызнанымі і ласкава прынятымі. І прэмія павінна дэманстраваць пэўную школу ды пераемнасць, як гэта і імкнуліся зрабіць арганізатары “Ліры”, да прыкладу, запрасіўшы кампазітара Эдуарда Ханка ўручыць “Ліру” “За ўклад у беларускую эстраду” Аляксандру Ціхановічу і Ядзвізе Папалаўскай. І яна павінна праводзіцца на беларускай мове, сцвярджаючы павагу да ўласнай культуры.

І, напэўна, кожны, хто атрымаў у той вечар статуэтку бронзавай дзівы, пачуваў сябе шчаслівым. Напэўна….

Так, усё гэта мусіць быць, але… Чамусьці не веру, як казаў Станіслаўскі… Бо “прыгожая карцінка” не можа схаваць галоўнага: наша эстрада даўно “варыцца ва ўласным соку”. Нават так: яна ў чарговы раз застаецца роўнай самой сабе. Прэмія паказала не толькі карані ды школу беларускай эстрады, але і пэўную кланавасць ды інерцыйнасць. Так, з’явіліся новыя імёны, але яны “патанаюць” у пераліку “тых самых” і — яшчэ “тых самых”.

Справа ў тым, што мы бачым толькі вяршыню “айсберга”, правераныя імёны, — аніякай рызыкі ды эксперыменту! Усё паважна, знаёма, а цяпер яшчэ і гламурна. І не задаць галоўныя пытанні ў дадзеным кантэксце тут немагчыма.

Ці павінна Нацыянальная музычная прэмія быць прадстаўлена толькі поп-фарматам? Дзе астатнія музычныя кірункі ды стылі? Дзе шырокая канкурэнцыя паміж артыстамі і, адпаведна, цікавасць з боку гледача да вынікаў прэміі? Чаму на фінале “Ліры” прагучала столькі песень, што пальцаў адной рукі акажацца замнога, каб падлічыць? Ці, урэшце, дастаткова гэтага для Нацыянальнай музычнай прэміі, якая падводзіць вынікі гадавой працы?

І мне падаецца, што тыя самыя поп-выканаўцы выглядалі значна лепш, калі б іхняе самавыяўленне спаборнічала з самавыяўленнем артыстаў, якія прадстаўляюць іншыя стылі ды светапогляды. Больш разнастайнай выглядала б і ўся беларуская сцэна. Больш перспектыўнай і жывой, без адсылак да феноменаў эстрады, народжанай у СССР.

Пакуль жа бачым толькі тэарэтычную “Грэмі”, а не жыццёвую.

А што да Тэа, чыё імя абыгрываецца ў назве матэрыялу, то аніякіх прэтэнзій да яго няма. Ягоны трыумф у дадзеным фармаце — тэлевізійнай поп-музыкі, з якой, дарэчы, працуе “Еўрабачанне” і на якую зрабіла стаўку АНТ, — цалкам заслужаны.

Фотарэпартаж з падзеі можна прагледзець тут.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"