Прас і цёмныя конікі

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

На гэтым тыдні адбыліся здымкі адборачных канцэртаў да Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра”. Запрашэнне іх наведаць уключала і трэк-лісты тых выступленняў. На падставе іх уважлівага вывучэння ўзніклі некаторыя развагі пра сутнасць Нацыянальнай музычнай.

/i/content/pi/cult/504/10847/2-1.jpgСамо яе абвяшчэнне выклікала ў Сеціве ўсплёск не надта пазітыўных успамінаў “па матывах” мінулых цырымоній ад музычных крытыкаў розных пакаленняў. Яны прыгадалі і тое, што з назвы прэміі знік колішні дадатак “у галіне эстраднай музыкі”, што выклікала ў чарговы раз неразуменне, каму ж і за заслугі ў якой менавіта музыцы будуць уручаць прызы. Не абышлося і без згадак пра слабую рэакцыю залы пад час першай цырымоніі. А таксама пра каструбаватасць ды непадрыхтаванасць апошняй, дзе то фанаграма (для ТБ ж здымалі) “гасла”, то правілы карэктаваліся пад прыём да разгляду некаторых песень проста на пасяджэннях журы. Ну, і ўвесь гэты бэкграўнд (ці апірышча, калі па-нашаму) хлёстка запаралеліўся з нядаўнім зборным дабрачынным канцэртам беларускай эстраднай і папулярнай музыкі, які пры мінімальным кошце на білеты і высакароднай мэце не сабраў і чвэрці залы больш як на тысячу месцаў...

Я да таго, што імідж у Нацыянальнай музычнай зараз акурат такі, што яго варта і можна змяняць, карэктаваць, паляпшаць. І вось ён, спрыяльны момант, бо (нягледзячы на прыклады скепсісу прафесійнага прэс-асяродка) для масавага тэлегледача НМП не станавілася падзеяй праз паказ у насычаным навагоднім эфіры. Дый для тых самых профі наспеў час даваць маячкі надзеі, што гэтая цырымонія стане-такі, прынамсі, вартым увагі інтрыгоўным шоу і зборам лепшага, а не паказам наяўнага. Урэшце, спадзеў на якасць тэлетрансляцыі дае ўдзел тэлеканала “АНТ”, які мае істотны досвед у здымках такіх праграм. Але, мяркуючы па тых самых спісах удзельнікаў адборачных канцэртаў, канцэптуальна сітуацыя з адборам выканаўцаў і музычнага матэрыялу пачне (?) змяняцца не сёлета.

Нацыянальная музычная прэмія будзе прадстаўлена як вынік рэйтынгаў айчынных выканаўцаў на найбольш папулярных беларускіх радыёстанцыях, тэлеканалах, парталах. Апрыёры такая пастаноўка пытання практычна пазбаўляе шансаў на ўдзел пэўныя нефарматныя катэгорыі песень. Па-першае, гэта беларускамоўныя работы. У спісах з 65 пунктаў я налічыў іх з дзясятак, прычым большасць з гэтай дзясяткі выглядае, мякка кажучы, непераканаўча праз сваю невядомасць (дарэчы, англамоўных песень прыкладна столькі ж). Па-другое, любая праца з аўтэнтыкай і фальклорам, рокам і электронікай ды іншымі альтэрнатыўнымі агульнапрынятаму фармату кірунках таксама патрапляе міма НМП. Трэцюю катэгорыю ўмоўна можна назваць “Мелодыі і рытмы беларускай эстрады”: за адзінкавымі выключэннямі, яе прадстаўнікі не змогуць прэтэндаваць на ўзнагароду. Чаму? Бо ўсіх іх практычна няма ў эфірах.

Можна класіфікаваць і далей, але факт застаецца ў тым, што радыёфармат (а FM-станцый у пераліку ўдзельнікаў праекта найбольш) уяўляе з сябе пэўны зрэз, арыентаваны на пэўнае ж кола слухачоў. Пагадзіцеся, падвядзенне вынікаў ратацый у якасці асновы для прэміі выключае надта шмат удзельнікаў музычнага працэсу (я кажу толькі пра папулярную музыку і блізкія ёй кірункі, не паглыбляючыся ў звышальтэрнатыўны асяродак, з аднаго боку, і акадэмічныя, жанры з іншага). Дый зноўку паўстае пытанне пра тое, чаму гэты самы “зрэз” раптам атрымлівае статус нацыянальнага значэння. Хоць, несумненна, ратацыйнасць як адзін з вядучых крытэрыяў яго прымаць варта.

Да ўсяго, многія з імёнаў у рамках канцэртаў прэміі вам пададуцца малазнаёмымі ці нават зусім пачутымі ўпершыню. Як і некаторыя песні не будуць выдаваць на хіт. Адразу прыгадваецца расійскі “Золотой граммофон”, дзе на штогадовым падвядзенні вынікаў гучыць акурат тое, што чуваць “з кожнага праса”. А вось нашы лідары ратацый, апроч некалькіх раскручаных трэкаў, — нейкія “цёмныя конікі”. І цікава, дарэчы, на які адрэзак эфіраў прыпадаюць тыя ратацыі. (Суб'ектыўная статыстыка: ведаю імёны — улічваў нават пачутыя некалі выпадкова — 47 артыстаў з 65 прадстаўленых у плэй-лістах адборачных канцэртаў, а песень... усяго 13.)

І яшчэ. У 1994 годзе была адна з першых спроб беларускай музычнай прэміі. Называлася яна “Залатая ліра”. Праўда, пратрымалася тая “…Ліра” менш за век сённяшняй Нацыянальнай. Затое, адшукаўшы дома аўдыякасету (таксама супервынік для 1994-га — выданне зборніка лаўрэатаў!), я пераканаўся: амаль усе песні таго часу сталі, прынамсі, папулярнымі, а некаторыя — вядомымі кожнаму. І кожнаму прасу ў тым ліку. А вось пра творы ды іх аўтараў — лаўрэатаў папярэдніх НМП магу толькі паціснуць плячыма, бо амаль нікога не здолею прыгадаць…

Урэшце, усе мы за тое, каб Нацыянальная музычная сталася чаканай падзеяй у краіне, яе лаўрэаты ды іх песні былі безумоўна прызнанымі, а крытэрыі адбору і выбару журы не падлягалі сумневам. Думаецца, прыспеў час прааналізаваць "разборы палётаў" па дадзеным конкурсе за гады яго правядзення (такіх публікацый няшмат праз тое, што наша медыяпрастора рэдка "заточана" пад аналітыку), каб зрабіць высновы. І паспрабаваць пабачыць варыянты развіцця, каб не даводзілася тлумачыць, што вось гэта, маўляў, хіт. Для нашых умоў. Дык хіт ён і ёсць хіт — у любых умовах! Альбо яго няма...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах