Паэт і муза

№ 9 (294) 01.09.2007 - 30.09.2007 г

Радыётэатр заўсёды карыстаўся папулярнасцю ў самых шырокіх колах насельніцтва. Гаворка пра асаблівую форму творчасці, дзе мастацкае слова набывае максімальна выразны і глыбокі сэнс. Тут усё, як на далоні -- і культура сцэнічнай мовы, і вартасці літаратурнай першаасновы. Словам, ніяк не схавацца за нейкімі сцэнаграфічнымі альбо пластычнымі навацыямі. З гэтай прычыны кожная прэм’ера ў радыётэатры -- падзея выключна адметная і выклікае розгалас не толькі ў мастацтвазнаўцаў.

 /i/content/pi/mast/3/57/Paet-i-muza1.jpg
 М.Селяшчук. Ілюстрацыя да кнігі А.Лойкі "Як агонь, як вада... Раман-эсе пра Янку Купалу". 1984.
У дні святкавання 125-гадовага юбілею Янкі Купалы Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё прадставіў прэм’еру радыёспектакля «Паэт і дзяўчына» па аднайменнай п’есе П.Васючэнкі. Пабудавана яна на дакументальным грунце. Маюцца на ўвазе дзённік успамінаў Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця», а таксама вершы і публіцыстыка Янкі Купалы.
Тэма, якую закранае аўтар, -- не новая ў драматургіі і ўвогуле ў літаратуры. Праблема ўзаемаадносін шчырага Паэта і ягонай узнёслай Музы, апантанага Майстра і летуценнай Маргарыты, самаахвярнага Мастака і высакароднай Прыгажуні мае шматлікія варыянты ўвасаблення (са значнай доляй фантазіі) у самых розных відах і жанрах сусветнага мастацтва. Але беларускі драматург у дадзеным выпадку прапануе адметнае мастацкае бачанне не выдуманых, а рэальных падзей -- пяшчотных сяброўскіх стасункаў Купалы і Мядзёлкі, якая, як вядома, стала прататыпам гераіні знакамітай камедыі Песняра «Паўлінка».
Спектакль пабудаваны ў форме аповеду 80-гадовай Паўліны Вікенцьеўны пра незабыўныя сустрэчы з вялікім творцам. Гэта своеасаблівы экскурс у мінулае, пачынаючы з 1909 года, калі адбылася яе першая сустрэча з Янкам у Вільні. Шэраг сцэн -- ажылых успамінаў -- размешчаны ў храналагічным парадку... Да несумненных вартасцей спектакля трэба аднесці тое, што Паэт у ім -- не плакатны геній, а жывы цікавы чалавек. Вось ён здзіўляе Паўлінку вясёлым норавам – бясконцымі жартамі і кампліментамі. Сур’ёзная дзяўчына-гімназістка расчаравана ўсклікае: «Які ён паэт... Звычайны хлопец!». А вось незабыўная беларуская вечарынка 1910 года ў Вільні. Знакаміты хор Л.Рагоўскага пад гром апладысментаў праспяваў «А хто там ідзе?». І акрылены поспехам паэт натхнёна чытае са сцэны свае іншыя вершы... Нарэшце -- прэм’ера «Паўлінкі» ў Пецярбургу, у клубе «Пальма», 9 лютага 1913 года. Усхваляваны голас Мядзёлкі, якая выканала галоўную ролю: «На сцэну ўзбягае Купала, абдымае мяне і горача цалуе. А воплескі з залы грымяць і грымяць...».
Эмацыянальны радыёспектакль у шэрагу сцэн захапляе лірычнасцю, якую стварае натхнёная ігра А.Шарова (Паэт), Ю.Шпілеўскай (Паўлінка), А.Пастрэвіч (Паўліна Вікенцьеўна) і А.Памазана (Рэжысёр).Узнёсласць дзеяння падкрэслівае і ўзбагачае музыка Л.Захлеўнага. Яна напоўнена беларускім народным меласам і адпавядае гукавой і сэнсавай стылістыцы купалаўскіх вершаў. У спектаклі бяруць удзел ансамбль народнай музыкі «Бяседа», спевакі Н.Раманская і В.Кірыленка, а таксама сімфанічны аркестр Белтэлерадыё. Выкарыстаны і фрагменты са спектакля «Паўлінка» Купалаўскага тэатра з першым -- зорным складам выканаўцаў (запіс 1952 года, у галоўнай ролі -- Р.Кашэльнікава).
Рэжысёр Р.Патака імкнулася стварыць прыгожую гісторыю кахання. І ў нейкай ступені гэта ўдалося. Але прапанаваны драматургічны матэрыял аказаўся надта неадназначным і нават філасофскім. У некаторых сцэнах ён супраціўляецца рэжысёрскаму вырашэнню, намаляванаму ці не адной фарбай. Невыпадковай тут падаецца назва п’есы -- «Паэт і дзяўчына». Менавіта дзяўчына, а не Муза, не Каханне... Думаецца, Паўлінка толькі ў юнацтве натхняла Паэта. А потым шляхі разышліся. Мядзёлка пачала займацца палітыкай, прайшла праз польскія і латвійскія вязніцы... А Купала шчасліва пабраўся з Уладзіславай Францаўнай, у асобе якой знайшоў не толькі вернага сябра, але і анёла-ахоўніка, і новую Музу.
Асобныя сцэны спектакля не стасуюцца з ягоным лірычным кірункам. Здзіўляе жаночы эгаізм гераіні, калі яна нагадвае жанатаму мужчыну пра тое, што ён калісьці рабіў ёй прапанову, а яна не дала згоды. Відаць, незадаволенасць лёсам, сум па мінулым, туга па нязбыўным шчасці штурхаюць сталую жанчыну на такія неэтычныя ўчынкі...
Ці быў бы Купала шчаслівы са свавольнай Мядзёлкай? Наўрад, бо быць жонкай Паэта -- цяжкі крыж. І яго з годнасцю пранесла цярплівая і клапатлівая Уладзіслава Францаўна.
У шматслойнай п’есе рэжысёр перадаў толькі верхні пласт складаных узаемаадносін персанажаў. Канешне, эмацыйна-лірычнае вырашэнне -- дастаткова пераканаўчае і мае права на існаванне. Добра адчуваюцца і патрыятычныя матывы. Сярод іх -- жаданне не толькі ўшанаваць памяць творца, але і паказаць яго не забранзавелым, а жывым і датклівым.   

                                                                                                     Людміла ЛЯВОНАВА