Вяртанне па дарозе жывапісу

№ 8 (377) 01.08.2014 - 31.08.2014 г

Адкрыццё мастацкай галерэі Аляксея Кузьміча

Сапраўднае мастацтва не залежыць ад іерархій і штучных падзелаў, а ў сённяшні інфармацыйны век — і ад месцажыхарства. Колькі ўжо разоў абмяркоўвалася гэтая тэма — сталіца-правінцыя. Дзе лепш жыць мастаку, дзе лягчэй адшукаць творчае натхненне? Як вырашыць праблему з камунікацыямі — асабістымі і прафесійнымі? Здавалася б, пры наяўнасці інтэрнэту гэта нескладана, але ўсё ж калі няма культурнага цэнтра — афіцыйнага, як Дом культуры, ці нефармальнага, як майстэрня ці прыватны клуб, — то і з культурнымі стасункамі і творцу, і звычайнаму жыхару будзе няпроста.

Дэцэнтралізацыя — стварэнне шматлікіх ініцыятыў у вялікіх і малых мястэчках і вёсках — абумоўлівае варыятыўнасць развіцця культуры. Мастацтва не можа дзяліцца на сталічнае і правінцыйнае, а толькі на прафесійнае ды не. І тут месцажыхарства — зусім не перашкода.

Аднак мастакі ў большасці сваёй усё ж цягнуцца да вялікіх гарадоў, а на малую радзіму вяртаюцца творамі. Першыя ўражанні дзяцінства на самым тонкім псіхалагічным узроўні вызначаюць характар успрымання свету, а часта — каларыт работ і нават характар малюнка. Як гэта пераплятаецца з далейшым досведам, са складам асобы, з узроўнем прафесійнасці і атрыманымі навыкамі — матэрыя, што мала падлягае разуменню. Менавіта такая гісторыя адбылася ў вёсцы Махро Іванаўскага раёна — тут адкрылася галерэя мінскага мастака Аляксея Кузьміча.

Творца родам з гэтай вёскі, але да з'яўлення галерэі не дажыў. Адкрыццё адбылося 1 чэрвеня — у дзень нараджэння Кузьміча і ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. У рэалізацыі праекта дапамаглі мясцовая адміністрацыя, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Ініцыятарам стаў сын мастака — таксама Аляксей. Карціны для экспазіцыі прадставілі родныя, канцэпцыя таксама распрацоўвалася на сямейным савеце. У галерэі знайшлі сваё месца не толькі каля ста пяцідзесяці твораў жывапісца, але і яго асабістыя рэчы. У адной з залаў плануецца арганізоўваць выставы мастакоў Іванаўскага раёна.

Першую экскурсію правёў сын творцы, ён і расказаў пра далейшыя планы па ўшанаванні памяці бацькі: да сямідзесяцігоддзя плануецца выхад кнігі пра Аляксея Кузьміча і некалькі арт-праектаў, у прыватнасці — штогадовы «Фестываль Мадоннаў».

Шматлікім гледачам былі прадстаўлены экспазіцыі, падрыхтаваныя работнікамі культуры: хранікальна-дакументальная «Яго Мадонны святло нябеснае», «Тут россып талентаў палескіх» і «Палескія модніцы».

Не ведаю, ці ўвайшоў Аляксей Кузьміч у кнігу рэкордаў Гінеса, але сцвярджаюць, што ён напісаў самую вялікую ў свеце калекцыю работ з выявай Мадонны — каля 1000 палотнаў.

Там можна сустрэць асобныя серыі з красамоўнымі назвамі: «Мадонны, што сышлі з нябёсаў», «Залатыя мадонны», «Срэбныя мадонны». Асаблівы выразны прыём аўтар знайшоў у нізцы «Мадонны, якія плачуць» — эфект ад гэтых кранальных вобразаў настолькі моцны, што не ўсе гледачы яго карцін могуць устрымацца ад слёз. Акрамя мадоннаў, аўтар стварыў каля пяцідзесяці партрэтаў вядомых дзеячаў мастацтва Беларусі. Сярод іх Барыс Луцэнка, Марыя Захарэвіч, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава, Уладзімір Ліпскі, Міхаіл Пташук, Уладзімір Гасцюхін і іншыя...

Аўтарская галерэя размясцілася на 120 квадратных метрах на базе мясцовага Дома культуры. Ужо запланавана, што новы культурны аб’ект увойдзе ў турыстычныя маршруты краю і — верагодна — стане своеасаблівым цэнтрам прыцягнення, асяродкам камунікацыі, якіх так катастрафічна не хапае ў нашых рэгіёнах.

Апошнім часам ідэя ствараць галерэі на малой радзіме творцаў актыўна пашырылася. Месца шукае свайго мастака. Толькі так нараджаецца сапраўднае суладдзе..

Аліна БУДЗЕВІЧ