«А дзе мне ўзяць такую песню?..»

№ 1 (346) 01.01.2012 - 31.01.2012 г

Нацыянальная музычная прэмія

/i/content/pi/mast/52/881/19.jpg

Алёна Ланская, пераможца ў намінацыі «Лепшая песня на беларускай мове».

Адной з самых значных падзей канца мінулага года сталася правядзенне
першай Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Праект, закліканы даць моцны імпульс далейшаму развіццю жанру, «прасоўваць» творчасць таленавітых выканаўцаў, павысіць прэстыж прадстаўнiкоў эстраднага мастацтва, узнік па ініцыятыве Міністэрства культуры нашай краіны. А яго арганізатарам, акрамя самога міністэрства, выступіў тэлеканал СТБ («Сталічнае тэлебачанне»).

І цяпер, калі свята ўжо адбылося і ў сярэдзіне снежня ў вялікай зале Палаца Рэспублікі былі названыя пераможцы, міжволі задаеш сабе пытанне: дзіўна, а чаму такой прэміі ў нас раней не было? Рэспубліцы Беларусь як незалежнай дзяржаве 20 гадоў. Няўжо гэткую ідэю нельга было ажыццявіць дзесяць або пяць год таму? Эстрады тады не было? Што-што, а яна ў нас заўжды квітнее, ажно з 60-х–70-х гадоў мінулага стагоддзя (не параўнаеш з занядбанымі ці не надта запатрабаванымі акадэмічнымі жанрамі!). Менавіта на той час прыпадае дзейнасць «Песняроў», «Верасоў» і «Сяброў», шматлікіх салістаў і ВІА.

Тое, што арганізатарам прэміі выступіла СТБ, цалкам зразумела. Як і здаровыя амбіцыі канала. Калі Першы нацыянальны, а цяпер «Беларусь 1», традыцыйна транслюе «Славянскі базар у Віцебску», канцэрты «Еўрабачання» (і дзіцячага, і дарослага) з розных краін, калі канал АНТ мае дастаткова ўласных музычных праектаў (кшталту «Ночы оперы ў Мірскім замку»), дык менавіта на СТБ узніклі такія папулярныя праекты, як «Хіт-момант», «Зорны дыліжанс». На працягу некалькіх сезонаў існавала на канале і ўласная музычная прэмія. Так што ўсё невыпадкова.

На пачатку лістапада прадстаўнікоў СМІ сабралі ў Белдзяржфілармоніі, а дакладней, у музеі Уладзіміра Мулявіна, каб падрабязна распавесці, што і як будзе адбывацца. Пераможцы мусілі вызначацца па выніках дзейнасці за мінулы год (са снежня 2010-га да лістапада 2011-га). Намінацый аказалася нямала — ажно 16 (!), акрамя таго, шэраг спецыяльных прызоў. Зразумела, што іх колькасць дазваляе ахапіць шмат з’яў і выканаўцаў. Самай важкай намінацыі («Лепшая песня года») адпавядалі прыз, дыплом і прэмія ў памеры больш за тры мільёны рублёў, астатнія намінацыі аказаліся прыкладна на трэць «таннейшымі». Але, відавочна, для многіх артыстаў, якія ўсё жыццё або значную частку яго правялі на эстрадзе, важнейшым было пытанне прэстыжу.

Конкурсныя матэрыялы накіроўваліся ў Маладзёжны тэатр эстрады, заявак аказалася ажно 545. Адборачная камісія іх праглядала і прадстаўляла экспертнаму савету (радзе), у які ўваходзілі аўтарытэтныя і вядомыя ў музычным свеце асобы — дырыжоры, кампазітары, прадзюсары, мастакі, рэктары ВНУ. Пераможцаў вызначалі экспертны савет (старшыня журы — Анатоль Ярмоленка) і тэлегледачы (інтэрнэт і смс-галасаванне).

Спачатку пра тое, што бясспрэчна спадабалася. Арганізатары шмат зрабілі, каб стварыць у зале атмасферу вясёлага і разняволенага перадкаляднага, пераднавагодняга музычнага свята. Гэтаму спрыяла візуальнае рашэнне пляцоўкі, шматлікія знаходкі і прыдумкі рэжысёра Вячаслава Паніна. Канверты з імем пераможцы — згадайце, колькі намінацый і спецпрызоў! — як толькі не траплялі на сцэну! Разам са спевакамі і танцорамі, з вялізарным мядзведзем, аднойчы канверт нават маляваўся пяском на шкле! Вынаходлівасць рэжысёра выклікала суцэльнае захапленне і смех залы.

Самай яркай і магутнай песняй, якая прагучала ў той вечар, падалася мне «Белая ластаўка», выкананая Алёнай Ланской. Летам 2011 года гэтая ж песня прынесла маладой спявачцы Гран-пры «Славянскага базару». Твор перамог у намінацыі «Лепшая песня на беларускай мове». Заўважу: крыху дзіўна, што намінацыя «Лепшая песня года» існуе асобна ад намінацыі «Лепшая песня на беларускай мове». Бо лагічна было б, каб гэта была адна намінацыя і лепшая песня выбіралася з твораў на роднай мове. У «Белай ластаўцы» ёсць дзівосная, магутная энергетыка. Тая, што ідзе ад фальклорнага гучання словаў Вольгі Болдыравай, ад таленту кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, які кранальную мелодыю можа ўвасобіць сучаснай музычнай мовай, ад шчырасці і натуральнасці самой артысткі. Бо побач з Ланской многія нашы нібыта зоркі выглядаюць зусім нецікавымі і цалкам прагназаванымі глянцава-гламурнымі лялькамі, чые спевы, тэмбры, строі, фрызуры і паводзіны на сцэне можна пралічыць загадзя.

Мая б воля, дык гэтай песні я аддала б шмат прызоў. І як лепшай песні года, і ў намінацыі «Лепшы аўтар музыкі» (але чаму не «кампазітар»? Іначай выглядае так, што многія аўтары музыкі не з’яўляюцца кампазітарамі і не могуць прэтэндаваць на гэтае званне). І прыз глядацкіх сімпатый асабіста я аддала б Алёне. Не хачу пакрыўдзіць Ірыну Відаву, якая ў рэшце рэшт яго атрымала, але творчасць Відавай з такой настойлівасцю прасоўваецца і так безупынна прапагандуецца (хоць бы ў адным толькі мінскім метро), што гэта выклікае рэакцыю, супрацьлеглую жаданай.

Што спадабалася яшчэ, што кранула і надоўга засталося ў памяці? Беларускамоўны «J:Морс» і ягоны лідар Уладзімір Пугач, чыя праграма «Электрыфікацыя ўсёй краіны» перамагла ў намінацыі «Лепшы гастрольны тур». «Троіца» на чале з Іванам Кірчуком была прызнана «Лепшым музычным гуртом». «Троіца» не спявала, а толькі ўзнялася з залы, каб атрымаць дыплом і падарункі. На гэтым беларускамоўная частка праграмы і скончылася. Як кажуць, адзьё, панове! Нездарма зала адгукнулася шчырым смехам на жарцік Клуба вясёлых і знаходлівых наконт таго, што беларускіх выканаўцаў больш за тры не бывае. Так яно і ёсць!

А можна, я задам адно пытанне, мо не вельмі прыемнае? Колькі ўласна нацыянальнага ў Нацыянальнай музычнай прэміі? Разумею, беларускамоўныя песні нашых выканаўцаў нельга сілком, штучна і прымусова збіраць у адным канцэрце. Тым больш эстрадным. Па-беларуску ў нас пяюць народна-фальклорныя калектывы, дарослыя і дзіцячыя хары. Бадай, і ўсё! Калі наша культура, на вялікі жаль, амаль уся рускамоўная, і эстрада ў тым ліку, дык апошняя ўспрымаецца як дадатак або адгалінаванне эстрады нашай усходняй суседкі. Можна, вядома, прыняць і такі пункт гледжання, які агучыў на старонках газеты «Беларусь сегодня» журналіст Алег Клімаў: маўляў, якая эстрада, такая і прэмія. У сэнсе: яна адлюстравала тое, што мы маем.

Сярод сапраўды яркіх і самабытных выканаўцаў і песень хацелася б абавязкова назваць маладзенькую Лідзію Заблоцкую, пераможцу ў намінацыі «Зорачка года» (лепшы юны выканаўца). Дзяўчына валодае моцным, адметным голасам, натуральна трымаецца на сцэне. Нумар прадуманы, зроблены належным чынам, ёсць у ім вытанчанасць і няма банальнасці (невыпадкова на нядаўнім дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне» ў Ерэване Ліда аказалася трэцяй). Шмат станоўчых эмоцый было звязана і са з’яўленнем на сцэне купалаўскай артысткі Ганны Хітрык. Яна і гурт «S`unduk» за дыск «Том першы» былі названыя пераможцамі ў намінацыі «Лепшы альбом года». Разняволенасць і харызматычнасць Ганны аднолькава ярка выяўляюцца як на драматычнай сцэне, так і на музычнай.

Цікава, што ў намінацыі «Лепшы журналіст» (музычны крытык) былі прадстаўлены дзве асобы з дзяржаўных СМІ — Алег Клімаў, аглядальнік газеты «СБ: Беларусь сегодня», і Надзея Бунцэвіч, аглядальнік газеты «Культура», а таксама музычныя крытыкі з двух недзяржаўных выданняў, што само па сабе ўспрымаецца як рэвалюцыя ў свядомасці грамадства (або журы), — Таццяна Заміроўская з «Белгазеты» і Сяргей Андрыянаў з «Комсомольской правды». Здагадаецеся з аднаго раза, хто перамог? У мяне таксама не было сумненняў, што лаўры дастануцца прадстаўніку самай буйнатыражнай газеты краіны. Хоць публікацыі Клімава асабіста мне больш нагадваюць свецкую хроніку, крыху разбаўленую журналісцкімі сентэнцыямі. Узровень аналізу музычных з’яў, які дэманструе Надзея Бунцэвіч у разглядзе праектаў «Славянскага базару», джазавых, эстрадных або камерна-асветніцкіх праграм Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, непараўнальна больш высокі, але, напэўна, Клімава арганізатары і сябры журы ведаюць лепш. На старонках свайго выдання ён з’яўляецца часцей. Менавіта так магу патлумачыць вынік.

Добра, што знайшлі магчымасць адзначыць унёсак Міхаіла Якаўлевіча Фінберга ў нашу эстраду.

Невялікім фільмам з уласным сюжэтам паўставаў кліп «See You In Vegas» групы «Litesound», адзначаны як «Лепшы кліп года».

Цяпер пра тое, што спадабалася менш. Зашмат было вядучых. Затое не хапала жарцікаў Клуба вясёлых і знаходлівых — не «наеліся». А галоўнае — сярод песень-пераможцаў упэўнена лідзіравала і бясспрэчна дамінавала «папса». Сярод яе было шмат песень, якія паспееш забыць разам з апошнім акордам. Абурацца тут бессэнсоўна. Але ўзнікае пытанне: няўжо ўся наша нацыя існуе толькі ў адным суцэльным фармаце «папсы»? Разумею, што колькі гледачоў або колькі сяброў журы, столькі і меркаванняў. Але часам здавалася, што ў сувязі з Нацыянальнай музычнай прэміяй здымаўся святочны канцэрт для канала СТВ. Тады ў прынцыпе ўсё зразумела — кожнай сястрыцы па завушніцы... Леанід Шырын у нашай краіне «Лепшы аўтар музыкі»? Магчыма, калі ўлічыць, што ён стварае музычныя пакеты для тэлевізійных праграм. Але назавіце мне хоць адну ягоную песню, якая зрабілася «хітом», а яшчэ лепей — паспрабуйце напець яе мелодыю! Не атрымалася? Дык і я пра тое ж... Дзмітрый Калдун, выканаўца песні «Караблі» (дзе ён, дарэчы, з’яўляецца аўтарам музыкі), перамог у намінацыі «Лепшая песня года». Але ж яе прэм’ера адбылася не так даўно! Разумею, Дзіму трэба было падтрымаць. Але ж ягоны творчы лёс пасля 6-га месца на «Еўрабачанні» складваецца зусім нядрэнна. Ён запатрабаваны, як кажуць, «нарасхват». Так што пытанні ёсць.

Безумоўна, арганізатары прэміі зрабілі велізарную работу, каб ажыццявіць усё тое, што было паказана. Але напярэдадні яны самі абяцалі, што прэмія будзе штогод змяняцца, што новыя ідэі будуць улічвацца. Хацелася б прапанаваць у наступныя гады прастору прэміі пашырыць. Бо само паняцце «эстрада» досыць шырокае. Не варта яго разумець толькі як «эстрадная песня», а яшчэ больш вузка — «папса». Эстрада можа ўключаць і аўтарскую песню, і джаз, і блюз, і фолк, і рок... Магчыма, мае сэнс увесці намінацыі «Лепшы класічны вакал», «Лепшы народны вакал», «Лепшы джазавы вакал»? Калі хоць некаторыя ідэі і прапановы, выказаныя ў гэтых нататках, спатрэбяцца арганізатарам прэміі ў наступныя гады, буду вельмі рада...

Таццяна МУШЫНСКАЯ